ДАМЕ́НІКА ВЕНЕЦЫЯ́НА

(Domenico Veneziano; да 1410, г. Венецыя, Італія — 15.5.1461),

італьянскі жывапісец эпохі Ранняга Адраджэння. Вучыўся, напэўна, у Венецыі, з 1439 працаваў у Фларэнцыі (першым увёў тэхніку алейнага жывапісу). Пераадолеўшы традыцыі познагатычнага жывапісу, у сваіх сталых творах («Алтар св. Лучыі», каля 1445—48), паказаў сябе майстрам перспектывы і пластычнай перадачы аб’ёму. У адрозненне ад тагачасных мастакоў фларэнційскай школы жывапісу, аддаваў перавагу каларыстычным задачам, выкарыстоўваў колеравую гаму для перадачы эмацыянальных адценняў — серабрысты тон у яго карцінах стварае адчуванне святла і прасторы («Дабравешчанне»). Урачыстасць арнаментацыі і выразнасць контурных ліній удала спалучаліся ў кампазіцыйнай форме профільнага паяснога партрэта («Партрэт маладой жанчыны», каля 1450). Сярод яго вучняў П’ера дэла Франчэска.

Даменіка Венецыяна. Алтар св. Лучыі. Каля 1445—48.

т. 6, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)